РЫ́НАЧНАЯ ЭКАНО́МІКА,

сістэма арганізацыі эканам. дзейнасці, заснаваная на таварна-грашовых адносінах, разнастайнасці форм уласнасці, свабоднай канкурэнцыі паміж вытворцамі і спажыўцамі. У межах Р.э. абмен рэсурсамі ці іх размеркаванне ажыццяўляецца пераважна на аснове рыначных цэн, якія фарміруюцца ў залежнасці ад попыту і прапаноў. Механізм Р.э. грунтуецца на сістэме рынкаў (таварных, рабочай сілы, капіталаў, каштоўных папер, жылля і інш.). Для Р.э. характэрна дэцэнтралізацыя кіравання: планаванне вытв-сці ажыццяўляецца суб’ектамі гаспадарання, а не органамі дзярж. кіравання. Гал. ўмова Р э. — свабода прадпрымальніцтва, вытворчага і спажывецкага выбару, заснаваных на эканам. інтарэсах. Вытворцы зацікаўлены ў максімалізацыі прыбытку, спажыўцы — у аптымізацыі сваёй выгады пры набыцці неабходных тавараў і паслуг. Сутыкненне гэтых інтарэсаў складае сутнасць рыначнай канкурэнцыі. Акрамя свабоднай Р.э., заснаванай на рыначнай канкурэнцыі без умяшання ў працэсы куплі-продажу органаў дзярж. кіравання і ўлады, існуе змешаная Р.э., пры якой дзейнасць прыватных суб’ектаў гаспадарання кіруецца рыначным механізмам, а органы дзярж. кіравання ўздзейнічаюць на эканам. працэсы эканам. і адм. метадамі рэгулявання. Эканоміка многіх дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь, спалучае рысы рыначнай і адм.-каманднай эканомікі. Гэта абумоўлена тым, што і рыначным, і камандна-адм. метадам кіравання ўласцівы пэўныя недахопы, уздзеянне якіх аслабляецца ва ўмовах змешанай эканомікі.

Літ.:

Фишер С., Дорнбуш Р, Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ. М., 1999;

Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;

Рыночное реформирование экономики Беларуси. Мн., 1996;

Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.

А.​І.​Лучанок.

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)